ЗЯМЕ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

комплексная галіна права, якая рэгулюе адносіны па ўладанні, карыстанні і распараджэнні зямельнымі рэсурсамі, а таксама па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні. Асн. крыніцамі З.п. ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закон «Аб праве ўласнасці на зямлю» ад 16.6.1993, Закон «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, інш. законы і нарматыўныя прававыя акты, што выдаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, урадам, мін-вамі і ведамствамі, мясц. органамі дзярж. кіравання ў межах іх кампетэнцыі. Нормы З.п. рэгламентуюць: права дзярж. і прыватнай ўласнасці на зямлю, землеўладанне, землекарыстанне, у т.л. арэнду зямлі; парадак прадастаўлення і адабрання зямельных участкаў, спагнання зямельнага падатку або арэнднай платы, ажыццяўлення здзелак з зямлёй, пакрыцця страт; вядзенне дзярж. зямельнага кадастру, землеўпарадкаванне, дзярж. кантроль і маніторынг зямель, ахову зямель, а таксама вырашэнне зямельных спрэчак і адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. З.п. складаецца з агульнай і асаблівай частак. Да агульнай часткі адносяцца правы ўласнасці на зямлю, землеўладання і землекарыстання, дзярж. кіраванне ў галіне выкарыстання і аховы зямель, адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. У асаблівай частцы вызначаецца прававы рэжым асобных катэгорый зямель: зямель с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, абароны, зямель прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культ. і інш. прызначэння, зямель ляснога і воднага фондаў, а таксама запасу.

В.М.Заркоў.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)